Текст:Дзяцел, лісіца і варона

Материал из свободной русской энциклопедии «Традиция»
(перенаправлено с «Дзяцел, лісіца і варона»)
Перейти к навигации Перейти к поиску

Дзяцел, лісіца і варона



Автор:
Белорусская народная














Выдзеўб дзяцел у васіне дуплё, збудаваў гняздо і вывеў дзетак — траіх дзятлянятак. Растуць малыя, а дзяцел цешыцца: «Выгадую, думае, дзяцей — на старасьць падмога будзе...» Ды недарэмна кажуць: «Хто-б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос?» Ня ўмеў ён радавацца сам сабе, а раструбіў на ўвесь лес пра сваіх дзяцей. Каго ні спаткае — усім хваліцца: «Якія ў мяне слаўныя дзеткі! І разумныя, і прыгожыя. Другіх такіх няма ні ў кога...» Дачулася пра гэта лісіца. Захацелася ёй маладых дзятлянятак пакаштаваць. Але як-жа іх з гнязда дастаць? На дрэвы лазіць лісіца спрыту ня мае. Дзяцел дзяцей гадуе, — корміць, поіць, а лісіца каля асіны пахаджвае, зубы выскаляе і ўсё думае, як дзятлянятак ізь сьвету зьвесьці. І надумалася-такі. Падыходзіць аднойчы да асіны ды давай хвастом па камлі стукаць. Высунуў дзяцел галаву з дупля: — Што ты, лісічка, робіш? Навошта маіх дзяцей пужаеш? — Вось як, — кажа лісіца, — дык у цябе і дзеці ёсьць? — Ёсьць, — адказвае дзяцел. — І такія-ж слаўныя дзеткі! — Ну дык выганяй іх вон, ды сам выбірайся, бо я зараз буду дрэва секчы... — Навошта табе гэта дрэва? — пытаецца дзяцел. — Як гэта навошта? На дровы папілую, у печы паліць буду! — Ой, лісанька, ой, матанька! — пачаў прасіцца дзяцел. — Дай хоць дзяцей пагадаваць, тады і сячы сабе дрэва. Куды-ж я цяпер з малымі падзенуся? А лісіца яшчэ мацней стукае хвастом па дрэву: — Не магу я чакаць, пакуль ты дзяцей пагадуеш! Хто-ж вінаваты, што ты якраз на гэтай асіне гняздо зрабіў! Мала лесу было, ці што? — Яно то праўда, — кажа дзяцел, — лесу нямала. Ды хто мог ведаць, што табе гэтая старая трухлявая асіна на дровы спатрэбіцца... — Трэба было запытацца, раней чым гняздо рабіць, — злуецца лісіца. — Сам вінаваты. Пачухаў дзяцел сваю стракатую галаву: — Што-ж мне рабіць, лісанька? Дай раду. Аблізалася хітрая лісіца, пакруціла хвастом ды кажа: — Ськінь мне адно дзіця, тады ня буду секчы дрэва. Падумаў дзяцел — шкада дзіцяці. — Пачакай, лісічка, хоць да заўтра, — просіцца ён. — Дай хоць трохі зь дзяцей пацешыцца. — Добра, — згадзілася лісіца. — Прыйду заўтра. Сядзіць дзяцел у дуплі, бядуе і ўсё думае, як яму ад лісіцы ўратавацца. Ды нічога прыдумаць ня можа. Нічога ня зробіш, прыдзецца аддаць адно дзятлянятка, хоць двое яму застануцца. Тым часам прылятае да яго ў госьці кума — шэрая варона. — Так і так, — кажа ёй дзяцел, апусьціўшы нос. — Не да гасьцей мне кумка: маё роднае дзіця лісіца адбірае... Варона была птушка старая і разумная, не такая, як іншыя. — Дурань ты, — кажа яна, — не аддавай! — Дык-жа лісіца дрэва сьсячэ і ўсё роўна загубіць нас. — Гэта яна толькі страшыць цябе. Як прыйдзе заўтра, ты скажы ёй: «Сячы сабе, я цябе не баюся!». Зарадаваўся дзяцел, падзякаваў вароне-куме за разумную параду і навет добра пачаставаў яе за гэта жукамі-караедамі. Прыбягае назаўтра лісіца. — Ну, дзяцел, — кажа, — ськідай дзіця, а то зараз дрэва сьсяку. А дзяцел высунуў свой доўгі нос з дупля і кажа: — Сячы сабе, я цябе не баюся! Зьдзівілася лісіца — адкуль толькі дзяцел розуму набраўся? — Хто цябе навучыў так гаварыць? — пытаецца яна. — Сваячка мая — варона-кума, — сьмела адказаў дзяцел. Узлавалася лісіца на дзятлаву куму — шэрую варону. «Пачакай-жа, — думае, — я ёй не дарую гэтага». І пайшла прэч, глытаючы сьліну. Думала яна, думала, як вароне адпомсьціць, і надумалася-такі. Выбегла на палянку, лягла і прыкінулася мёртвай. Убачыла гэта варона з дрэва. «Эгэ, — зарадавалася яна, — нядрэнная спажыва валяецца». Тут яна крыльлямі — мах, мах! І, як бачыш, каля лісіцы апынулася. Дзяўбанула спачатку ў хвост, каб праверыць, ці сапраўды лісіца мёртвая. А тая — навет не зварухнулася. Ляжыць, як дохлая. Варона пасьмялела, падскочыла да галавы і ўжо намерылася дзяўбануць у вока... А лісіца як усхопіцца ды цап варону за нагу! — Ага! — зарагатала лісіца, выскаліўшы зубы. — Папалася мне на абед замест дзятляняці. Будзеш ведаць, як дзятла вучыць. — Ну што-ж, — кажа варона, — перахітрыла ты мяне. Цяпер я толькі аднаго баюся: каб ты ня мучыла мяне так, як твая маці мучыла маю маці. — А як-жа яна мучыла? Нешта я ня памятаю. — Бо ты малая тады была... — Дык раскажы хоць, — зацікавілася лісіца. — Добра, раскажу, — згадзілася варона. — Было яно так. Твая маці злавіла маю маці. Вось як ты мяне цяпер. — Ну, вядома, — перапыніла яе лісіца. — Мая маці была не такая дурная, як твая. — Так, так, — адказала варона. — Яна, і праўда, была разумная, твая маці, бо не захацела есьці маю маці зь пер'ем: пер'е-ж нясмачнае! — Вядома, нясмачнае, — падтакнула лісіца. — Дык твая маці зрабіла вось як: узяла два рэшаты, усадзіла туды маю маці, потым склала рэшаты адно да аднаго ды як пусьціла з крутой гары, дык на маёй маці ні пярынкі не засталося — усё чыста асыпалася. Брр! — скаланулася варона. — Гэта самая страшная пакута для нас, варон... «Добра-ж, — падумала лісіца. — Ня буду я дурнейшай за сваю маці». Дастала яна два рэшаты, усадзіла туды дзятлаву куму ды і пусьціла рэшаты з крутой гары. Рэшаты разьехаліся ў бакі, а варона ўзьнялася і паляцела на дрэва.