Текст:Лісіца-хітрыца

Материал из свободной русской энциклопедии «Традиция»
(перенаправлено с «Лісіца-хітрыца»)
Перейти к навигации Перейти к поиску

Лісіца-хітрыца



Автор:
Белорусская народная














Жыў дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі ня было, толькі адна курачка Чубатка. Жылі яны, жылі, дажыліся — няма чаго варыць. Вось дзед і кажа бабе: — Баба, а баба, звары хіба Чубатку, ці што? Баба замахала рукамі: — Што ты, дзед, надумаўся! Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткі я ня дам варыць. Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе. Дзед кажа: — Вось і добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобінку. Паглядзела старая на бобінку: — Дзеду мой, дзеду, што тут за наедак з аднае бобінкі? Я для яе і гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзім яе. Як вырасьце, тады сьпячэм цэлы бабовы пірог. — Дзе-ж мы яе пасадзім? — пытаецца дзед. — На полі. — На полі яе варона выдзяўбе... — Дык на дварэ. — На дварэ яе курыца выграбе... — Тады давай пасадзім хіба ў хаце пад палацямі. — Добра, — згадзіўся дзед і пасадзіў бобінку ў хаце пад палацямі. Узыйшла бобінка ды давай расьці. Расла, расла, уперлася ў палаці. — Што, баба, рабіць будзем? — пытаецца дзед. — Трэба палаці разьбіраць. Дзед разабраў палаці, а бобінка як расьці ды расьці — дарасла да столі. — Што, баба, рабіць будзем? — зноў пытаецца дзед. — Трэба столь разьбіраць. Дзед і столь разабраў, а бобінка як расьці ды расьці — дарасла да страхі. Дзед і страху разабраў. Выглянула бобінка на сьвет і давай расьці яшчэ весялей. Дарасла аж да неба. Узяў тады дзед торбу, палез па сьцяблу на неба, абабраў сьпелыя струкі і вярнуўся назад. Зарадавалася баба — цэлую торбу струкоў прынёс дзед! — Ну, цяпер то мы ўжо наядзімся пірага! Палузала баба струкі, высушыла боб на печы, змалола і расчыніла ў дзяжы цеста на пірог. Цеста як расьці ды расьці — зь дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзіла пірагом, размалявала рознымі ўзорамі, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пірог як расьці ды расьці — зь печы на прыпечак лезе. Адсланіла баба заслонку, а ён — скок на хату, з хаты за парог — і ўцёк... Кінуліся дзед з бабай даганяць пірог. Ды дзе там! Так і не дагналі. Прыкаціўся пірог у лес. А тут насустрач яму рыжая лісіца-хітрыца. Схапіла яна пірог, выела мякіш, у сярэдзіну шышак насыпала ды пабегла зь пірагом да пастушкоў. Знайшла пастушкоў у полі і кажа: — Пастушкі, пастушкі, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам за гэта пірог. Бачаць пастушкі — добры пірог у лісіцы, жоўценькая скарынка аж блішчыць, так і хочацца яго папрабаваць. Згадзіліся яны на мену і аддалі лісіцы бычка-трацячка. — Толькі-ж, глядзіце, ня ешце пірага, пакуль я не заеду за горку, — кажа лісіца. Села яна на бычка верхам і паехала. Як толькі схавалася за горкаю, пастушкі і кажуць: «Сядзем на пясочку, зьядзім па кусочку!» Разламалі пірог, а там — адны шышкі яловыя... Падманула іх хітрая лісіца! Едзе лісіца на бычку, бачыць — на дарозе пустая павозка стаіць, а недалёка чалавек арэ. Падкралася яна цішком да павозкі, запрэгла ў яе бычка-трацячка, села на мяккай саломе і едзе сабе далей, пугай бычка паганяе. Прыехала ў лес. Насустрач ёй воўк ідзе. Зьбегаўся, змарыўся, ледзьве ногі валачэ. — Куды, кума, едзеш? — пытаецца. — За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства. — Чаго? — Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць... — А бараны ў тым царстве ёсьцека? — аблізнуўся воўк. — Ды іх там хоць гаць гаці! — А лісічка, а сястрычка, вазьмі і мяне з сабою. Падвязі хоць мой хвост. — Што адзін хвост везьці, садзіся ўвесь ты. Сеў воўк. Едуць далей. Сустракаюць мядзьведзя. — Куды, кумы, едзеце? — За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства... — Чаго? — Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць, — адказвае лісіца. — Там, кажуць, бараноў хоць гаць гаці, — падтаквае ёй воўк. — А мёду там многа? — Ды там, кажуць, мядовыя рэкі цякуць! Мядзьведзь зарадаваўся: — То вазьміце і мяне. Хоць адну лапу падвязіце. — Што адну лапу везьці, садзіся ўвесь ты. Уселіся ўтраіх, едуць далей. Аж раптам зламалася аглобля. Лісіца кажа мядзьведзю: — Схадзі, кум, прынясі аглоблю. Пайшоў мядзьведзь у гушчар, знайшоў вывярнутую елку і прывалок да возу. Убачыла лісіца, крыку нарабіла: — Ах ты, мядзьведзішча, ах ты, дурнішча, ці-ж гэта лясіна для аглоблі! І да ваўка: — Схадзі, куме, прынясі тонкую аглоблю. Пайшоў воўк і прынёс крывы яловы сук. Лісіца і на яго накрычала, плюнула ды пайшла сама па аглоблю. Тым часам мядзьведзь з ваўком зьелі бычка-трацячка, скуру саломай напхалі, на ногі паставілі ды пайшлі сабе пасьміхаючыся. Вярнулася лісіца, бачыць ні ваўка, ні мядзьведзя, толькі бычок стаіць. Прыладзіла яна аглоблю, села ў павозку, махнула пугаю на бычка, а той — брык! — і паваліўся. Паглядзела лісіца на бычка і аб усім здагадалася. — Пачакайце-ж вы ў мяне! Я вам гэтага не дарую! — пагразіла яна ваўку і мядзьведзю ды пайшла сваёю дарогаю. Шмат часу ішла ці мала, а ў дарозе ўжо і восень яе застала. Сустракае ваўка, таго, што зьеў бычка. — Добры дзень, кум! Як маешся? — Дрэнна, — кажа воўк. — Нешта азяб на дажджы, аж увесь калачуся. Зуб на зуб не трапляе. — То трэба новы кажух пашыць, — раіць лісіца. — Праўду, кумка, кажаш, — згадзіўся воўк. Пабег ён на выган, схапіў авечку і прывалок у лес. — Хопіць на кажух? — пытаецца ў лісіцы. — Мала, — кажа лісіца. Прынёс воўк яшчэ адну авечку: — Цяпер хопіць? — Не, яшчэ адну трэба. Воўк і трэйцюю прывалок. — Ну, а цяпер, — кажа лісіца, — трэба краўца шукаць. — Дзе-ж мне яго шукаць, кумка? — Я ведаю добрага краўца. Хадзем да яго. Прывяла лісіца ваўка на луг. Там, у кустох, на прывязі жарабец пасьвіўся. — Вунь ён, кравец! Воўк зарагатаў: — Гэта не кравец, а жарабец! Не, кумка, як сабе хочаш, а розуму ў цябе мала. Лісіца пакрыўдзілася: — Ты пра мой розум ня вельмі языком мялі. Я была разумнай і буду, а ты быў дурань, дурнем і застанешся. Тут ужо і воўк пакрыўдзіўся, аж узлаваўся: — Паглядзім яшчэ, хто з нас разумнейшы! — Не хваліся загадзя, — кажа лісіца, — лепш паглядзіш, як зараз зь цябе скуру зьнімуць. — Хто зьніме? — ляснуў зубамі воўк. — Гаспадар гэтага каня. — Ня можа быць! — ня верыць воўк. — Пабачыш. На чым жарабец навязаны? — пытаецца лісіца. — На вяроўцы. Лісіца засьмяялася: — Вось і відаць, што дурань! — Чаму? — падскочыў воўк. — Жарабец на калу навязаны. — Ня можа быць! — залыпаў воўк вачыма. — Хадзем пакажу. Прывяла лісіца яго да калка, за які быў прывязаны канец вяроўкі, зьняла вяроўку, зрабіла пятлю і закінула ваўку на шьпо. Воўк і азірнуцца не пасьпеў, як у пятлі апынуўся. Тады лісіца падбегла да жарабца, замахала хвастом. Той спужаўся ды як драпнуў дахаты, толькі падковы заблішчэлі. Так і прыцягнуў у пятлі ваўка да свайго гаспадара. Ну, а там зь яго і скуру зьнялі. Вярнулася лісіца ў лес, закапала авечак у мох на запас, адны толькі мазгі на абед пакінула. Села пад елкаю і есьць. Ідзе мядзьведзь — той, што бычка зьеў. — Што гэта ты, кума, жуеш? — пытаецца. — Мазгі. Сьляпы ты, ці што? — А дзе-ж ты іх дастала? — З галавы. І ты можаш дастаць, калі хочаш. — Як? — Вельмі проста: разганіся ды стукніся галавою аб дуб — мазгі і выскачаць. — Дзякую-ж табе, кума, за добрую параду. Так я і зраблю. А то есьці даўно хочацца. Знайшоў ён самы тоўсты дуб, разагнаўся з усяе сілы ды і грымнуўся ў яго лобам. Тут яму і канец. А хітрая лісіця наелася мазгоў ды пайшла запіваць крынічнаю вадою.