Текст:Лісіца і дрозд
Жылі дзед і баба. Дзед у лес хадзіў дровы сячы, а баба дома была, пірагі пякла. Аднаго разу злавіў дзед у лесе дзікага парсючка і прынёс яго дахаты. Харошы быў парсючок — стракаценькі ды паласаценькі. Пачала баба парсючка карміць — і цестам, і мукою, і сьвежаю травою. Але, вядома, дзік — яму жалудоў давай. Цягне яго ў лес па жалуды. Нічога ня зробіш, пачала яго баба ў лес пускаць, жалуды зьбіраць. Цэлы дзень ён у лесе гуляе, а нанач дахаты бяжыць. Такі добры парсючок быў! Аднойчы бяжыць ён у лес, а насустрач яму галодны воўк. — Парсюк-парсючок, дзік-дзічок, — кажа воўк, — я цябе зьем. Парсючок хітры быў, падумаў і адказвае: — Ня еж мяне шэры воўк, лепш ідзі із мною на жалудовую палянку: там чарада гусей ходзіць. А воўк да гусей вельмі ахвочы. Паверыў ён дзічку-парсючку і пайшоў за ім на жалудовую палянку. На дарозе была вялікая воўчая яма. Парсючок яе ведаў ды абыйшоў, а воўк — бух у яму! І сядзіць там. Назаўтра парсюк зноў пайшоў на жалудовую палянку. Ідзе ды ідзе, сустракае яго лісіца. — Куды ідзеш, парсючок? — Па жалуды. — Вазьмі і мяне з сабою. — Хадзем. Ідуць яны, ідуць, падыйшлі да ямы. Парсючок абыйшоў яму, а лісіца — бух! — ваўку на галаву. На трэйці дзень сустракае парсюка заяц. — Куды ідзеш, парсючок? — Па жалуды. — Вазьмі і мяне з сабою. — Хадзем. Дайшлі да ямы — і заяц туды паляцеў. Стала іх цяпер у яме трое: воўк, лісіца і заяц. Сядзяць яны ў яме, захацелі есьці. Лісіца кажа: — Давайце крычаць: хто слабей крыкне, таго зьядзём. Крыкнуў воўк — моцна. Крыкнула лісіца — таксама ня надта слаба. Крыкнуў заяц — зусім слаба: толькі піскнуў. Ну, яго і зьелі. Воўк усе косьці паеў, а лісіца кішкі сабе ўзяла і ў пясок закапала. Назаўтра ўзноў прагаладаліся. Лісіца дастала кішкі ды есьць патроху. — Што гэта ты, кумка, ясі? — пытаецца воўк. — Кішкі. — Дзе ты іх узяла? — Лапаю сабе жывот распарола і дастала. Воўк паверыў, распароў сабе кіпцюрамі жывот ды сканаў. Лісіца і яго зьела. Прыляцеў да ямы дрозд. Лісіца просіцца ў яго: — Дрозьдзік-драздок, вызвалі мяне зь ямы! — Як-жа я цябе вызвалю? — Накідай у яму гальля, і я вылезу. Дрозд накідаў гальля, лісіца вылезла зь ямы і кажа: — Дрозьдзік-драздок, вызваліў ты мяне? — Вызваліў. — Накармі-ж цяпер мяне. — Як-жа я цябе накармлю? — Вунь баба на поле ідзе, міску бліноў кясе. Ты заляці ёй наперад ды сядзь на дарозе. — І ўсё? — Усё. Паляцеў дрозд і сеў пасярод дарогі. Баба ўбачыла дразда, паставіла міску з блінамі і кінулася яго лавіць. А лісіца схапіла бліны ды за кусты. Наелася лісіца бліноў, прыйшла к дразду: — Дрозьдзік-драздок, вызваліў ты мяне? — Вызваліў. — Накарміў? — Накарміў. — Цяпер напаі. — Як-жа я цябе напаю? — А вунь, бачыш, чалавек бочку зь півам вязе. Ты ўзьляці на бочку ды дзяўбі затычку. — І ўсё? — Усё. Паляцеў дрозд, сеў на бочку ды давай дзяўбсьці затычку. Убачыў гэта фурман, схапіў кол ды па дразду. Дрозд узьляцеў угару, а фурман з усяе сілы — па бочцы! Бочка разьбілася, піва вылілася. Цэлая лужына налілася. Паехаў чалавек, бядуючы, далей, а лісіца напілася піва з лужыны, колькі ёй хацелася, ды пабегла да дразда: — Дрозьдзік-драздок, вызваліў ты мяне? — Вызваліў. — Накарміў? — Накарміў. — Напаіў? — Напаіў. — Цяпер пацеш ты мяне. — Як-жа я цябе пацешу? — А вунь на таку дзед з бабаю гарох малоцяць. Ляці туды і садзіся на лоб то бабе, то дзеду. — І ўсё? — Усё. Паляцеў дрозд на ток, сеў бабе на лоб. Убачыў дзед дразда ды — трах! — цэпам. Але не па дразду, а па бабіным лобе. Дрозд фыркнуў і перасеў на дзедаў лоб. Тады баба з крыкам: «А кыш!» — бах цэпам дзеду ў лоб!.. Лісіца аж качаецца ад сьмеху, пазіраючы, як дзед малоціць бабін лоб, а баба — дзедаў. Набілі яны сабе гузакоў, кінулі малацьбу ды пайшлі дахаты прымочкі на лобе ставіць. А дразду хоць-бы што — паляцеў сабе ў лес, пасьвістваючы.