Текст:Хвасты

Материал из свободной русской энциклопедии «Традиция»
(перенаправлено с «Хвасты»)
Перейти к навигации Перейти к поиску

Хвасты



Автор:
Белорусская народная














Быў такі час на зямлі, калі зьвяры ня мелі хвастоў. Заязь страшэнна дакучала ім: абараніцца зьвяры ня мелі чым. І вось аднойчы ад ляснога цара выйшаў загад, каб зьвяры йшлі хвасты атрымліваць. Пайшлі ганцы ўва ўсе канцы з пушчаў, лясоў і палёў склікаць зьвяроў. Паведамілі ваўка, лісіцу, куніцу, пабудзілі й мядзьведзя ў яго бярлозе. — Добра, — кажа Мішка: — я зараз прыйду, адно загляну да старое ліпы, ці не знайду там чаго пасьнедаць. Запраўды, у дуплё старое ліпы дзікія пчолы нанасілі шмат мёду. Стаў Мішка ламаць дуплё ды выграбаць мёд. Пчолы жалілі яго, але ён не зважаў на гэта, заграбаў мёд і пчол і парахню, што прыстала да мёду, еў усё ды толькі мармытаў ад асалоды. Наеўшыся, ён ужо хацеў ісьці на сходку, аж глянуў, што шэрсьць уся выпацкана ў мёд ды парахню. — Не, — падумаў Мішка, — у такім гарнітуры йсьці на сходку нельга. — Сеў ён і пачаў вылізваць сабе бруха. А сонейка так добра грэла, што Мішка разамлеў і не заўважыў, як моцна заснуў. Тымчасам на сходку ўжо сталі зьбірацца зьвяры. Першай прыбегла лісіца й выбрала сабе самы прыгожы пушысты хвост. Потым — куніца, вавёрка. Бык выбраў сабе хвост зь мяцёлкай на канцы, конь — з даўгімі валасамі, каб лепш было змагацца з мухамі ды аваднямі. Падбег і зайчык, але, пачуўшы страшэнны гармідар, спалохаўся ды схаваўся ў кусты; сядзеў там, пакуль усе зьвяры разыйшліся і ў лесе стала ціха. Вылез зайчык з кустоў і нясьмела падыйшоў да ляснога цара. — Дзе-ж ты быў — кажа цар, — то-ж усе хвасты ўжо разабралі, астаўся толькі адзін маленькі. — То-ж такі мне й трэба — узрадаваўся зайчык. — даўгі хвост толькі перашкаджаў-бы мне ад ваўкоў ды сабак уцякаць, а гэты будзе якраз. Фарсіста прычапіў зайчык свой хвост і весела паскакаў. А тымчасам прачнуўся й мядзьведзь і раптам успомніў, што ён мусіў ісьці на сход. Глянуў, а сонца ўжо зусім над лесам павісла. З усіх ног кінуўся Мішка бегчы. Бег, бег, аж засопся. Але ў тым месцы, дзе была сходка, ужо нікога ня было. — Што-ж мне цяпер рабіць, — думае мядзьведзь — усе будуць мець хвасты, адзін я застануся без хваста. — Гэтак ідзе ён злосны, аж бачыць на пяньку барсук пакручваецца і ўсё на свой прыгожы хвост глядзіць. — Паслухай, барсуча, — кажа мядзьведзь, — нашто табе такі вялікі хвост? Аддай мне хоць палавіну. — Што ты? — кажа барсук — як-жа можна? То-ж увесь фасон прападзе. — Не дасі, — сказаў мядзьведзь ды палажыў лапу барсуку на голаву, — не дасі па дабру, дык сілай вазьму. — Ня дам — крыкнуў барсук, ды як рвануўся, дык і вырваўся. Але ў мядзьведзя ў лапе засталася доўгая паласа барсуковае скуры. Адарваў мядзьведзь кавалак гэтае скуры, прычапіў сабе, дзе павінен быць хвост, ды пайшоў даядаць мёд. А барсук бег, бег, дзе ні схаваецца, усё яму здаецца, што мядзьведзь усьлед тупае. Урэшце выкапаў ён глыбокую нару, залез у яе й сядзеў там цэлыя дні. Толькі калі месяц узыйходзіў над лесам, вылазіў ён пашукаць чаго-колечы зьесьці. Там у нары ў барсука дзеці нарадзіліся. І вось аднойчы недалёка ад гэтае нары бегла лісіца. Чуе яна, што нешта пішчыць. Глянула яна на дрэвы, агледзела ўсе кусты — нічога няма. Прыслухалася лісіца і здалося ёй, што нешта пішчыць пад зямлёй. Глядзіць, аж нара. Палезла лісіца ў нару, аж там барсук. — Што гэта табе, барсуча, наверсе цесна стала, што ты пад зямлю залез? — — А так, цесна. — Ды расказаў лісіцы, як мядзьведзь хацеў забраць у яго хвост. Выслухала лісіца, хітра засьмяялася ды кажа: — Хлусіш ты, барсук. Ня веру я твайму ніводнаму слову. — Ня верыш, дык я цябе пераканаю. — І вылез з нары. Праўда, лісіца пабачыла, што ў барсука ад галавы праз усю сьпіну белая паласа. Паверыла лісіца й не на жарт спалохалася. — Што-ж, — падумала яна — калі ён хацеў забраць барсукоў хвост, дык мой-жа прыгажэйшы. — І пабегла шукаць сабе сховішча. Але дзе яна ні хавалася, усё ёй здавалася, што мядзьведзь яе знойдзе. Гэтак прабегала яна ўсю ноч і не магла супакоіцца. А пад раніцу, як і барсук, выкапала сабе глыбокую нару, залезла ў яе, накрылася сваім прыгожым пушыстым цёплым хвастом і спакойна заснула.