Текст:Кот Максім

Материал из свободной русской энциклопедии «Традиция»
Перейти к навигации Перейти к поиску

Кот Максім



Автор:
Белорусская народная














Жылі дзед і баба. Мелі яны сына і ката. Сына звалі Марцінам, а ката — Максімам. Памерлі дзед і баба. Застаўся Марцін з катом Максімам. Марцін гультай быў вялікі, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насіў: то птушку дзе зловіць, то каўбасу ці сала ў суседзяў украдзе... Вось так жылі яны, жылі — згарэла хата, адна гліняная печ засталася. — Што рабіць будзем? — пытаецца кот у гаспадара. — Трэба хату будаваць. — Ат, — кажа Марцін, — навошта нам хата? Хопіць і печы. Пажылі яны з год на печы, а тут і печ развалілася. — Што рабіць будзем? — зноў пытаецца кот у гаспадара. — Ты, — кажа Марцін, — як сабе хочаш, а я надумаўся жаніцца: вазьму багатую жонку, яна мне пабудуе хату. — Хто за такога гультая пойдзе замуж? — сьмяецца кот. — Ты-ж толькі любіш ляжаць на печы, у цябе і выгляд нечалавечы. — Пойдзе! — кажа Марцін. — Няма чаго сьмяяцца! Сама царэўна пойдзе. Ідзі, Марцін, да цара. Скажы яму — так і так: пан Марцін, па прозьвішчу Глінскі-Папялінскі, сватаецца да тваёй дачкі. Ну і зрабі ўсё, як трэба: нагавары яму, што багацейшага за мяне пана ўва ўсім царстве не знайсьці... — Цяжкую ты загадаў мне службу, пан Марцін Глінскі-Папялінскі, — кажа кот. — Нічога, ідзі, а то папругі дастанеш! — пагразіў яму гаспадар. — Ну што-ж, паспрабую шчасьця. Нанасіў кот гультаю Марціну яды ў запас, каб той з голаду не памёр, а сам выправіўся ў далёкую дарогу. Ідзе ён, ідзе, прыходзіць у лес. Бяжыць насустрач заяц. — Куды, кот, ідзеш? — пытаецца ён. — Да цара. — Чаго? Кот падумаў і кажа: — На суд... — На які суд? — Праўды хачу дайсьці. — Якой праўды? — А вось якой. Дзе што котка ўкрадзе або нашкодзіць — усё на ката звальваюць. Кот, кажуць, сьмятану зьлізаў, кот сала ўкраў... А ката там і блізка ня было. Не магу я пярпець такога паклёпу на сябе. — Пайду хіба і я з табою! — кажа заяц. — Чаго? — Таксама на суд. Дзе што зайчыха зробіць — усё на зайца кажуць. Хто ў садзе прышчэпы папсаваў? Заяц! Каго сабакі ганяюць? Зайца! А там зусім і ня заяц быў, а зайчыха. Не магу я такой няславы цярпець. Пайду да цара на суд. — Дык што-ж ты — адзін пойдзеш? —кажа кот. — Хто табе аднаму на судзе паверыць. Там трэба сьветкі мець. — А ты чаму адзін ідзеш? — Ну, у мяне іншая справа. Там у мяне дзядзькі, бацькі, дзяды, браты жывуць. Усе па слову скажуць, мне і павераць. Вось каб ты набраў сотні тры сьветак, тады можна сьмела ісьці. Як пакоціцца заяц, як наробіць крыку на ўвесь лес: — Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды! Тут, як бачыш, з усіх бакоў пасыпаліся зайцы. Назьбягалася іх цэлая чарада. Прывёў кот Максім зайцоў да царскіх палацаў. Бачыць — на дварэ вялікі хлеў стаіць. Ён і кажа зайцам: — Пачакайце вы ў гэтым хляве. Скончыцца мой суд, тады я вашу скаргу падам цару. Зайцы паскакалі ў хлеў, а кот — бразь! — ды і зачыніў іх там на засаўку. Ідзе ён да царскіх палацаў, падскокваючы, у лапкі плешчучы. Узыходзіць на ганак, стукае ў дзьверы: — Адчыніце! Адчыніў яму салдат-вартавы. — Чаго трэба? — пытаецца. — Пакажы, дзе цар жыве. Салдат паказаў. Увайшоў кот Максім у вялікі пакой, а там цар сядзіць. — Добры дзень, ваша вялічаства-вымператарства! — Добры дзень, каток! — адказвае цар. — Што скажаш? — Ды вось прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі гасьцінчыка. — Дзе-ж той гасьцінчык? — У хляве. Прыйшоў цар у хлеў, паглядзеў, а там поўна зайцоў, як зачыніць. — Мусіць, дужа багаты твой гаспадар, калі гэтулькі зайцоў прыслаў? — дзівіцца цар. — Мусіць, у яго яшчэ больш ёсьць. — Ён, панок-царок, такі багаты, што дай ты рады. Усяго ў яго многа, няма толькі гаспадыні ў пакоях. Прыслаў мяне тваю дачку сватаць. Павёў цар ката ў палацы, накарміў, напаіў, ды яшчэ і на дарогу ў торбу даў. А пра дачку змаўчаў. Вярнуўся кот Максім дахаты. А яго гаспадар ледзьве дыхае: усе катовы запасы даўно паеў. Разьвязаў кот торбу, дастаў адтуль усё, што з дарогі засталося, і пачаў карміць гаспадара. Акрыяў сяк-так пан Глінскі-Папялінскі ды пытаецца ў ката: — Ну, што табе цар сказаў? — Нічога цікавага, — кажа кот. — Дык ідзі яшчэ раз да цара. Толькі нанасі мне больш яды ў запас. Нанасіў кот яму яды, а сам зноў пайшоў да цара. Прыходзіць у лес, а тут насустрач яму воўк: — Куды ідзеш, кот? — Да цара. — Чаго? — На суд. І расказаў ваўку, на які суд ён ідзе. Воўк кажа: — Дык і я пайду з табою! Мяне таксама часта дарэмна лаяць. — Аднаму табе суд не паверыць, — кажа кот. — А ты чаму адзін ідзеш? — Што ты параўняўся зы мною. Мяне ўся царская радня ведае, а ад цябе навет сабакі ўцякаюць, калі дзе ўбачаць. У мяне там дзядзькі, бацькі, дзяды, браты... — Дык што-ж мне рабіць? Зьбяры сотні тры сьветак, тады павераць. Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес: — Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды! Назьбіралася ваўкоў з усяго лесу. Павёў іх кот Максім да цара. Прыходзяць на царскі двор. Нецярплівыя ваўкі кажуць: — Мы першыя пойдзем на суд. — Не, — кажа кот, — мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу і вас паклічу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве. Ваўкі падагнулі хвасты ды пацягнуліся ў хлеў. Як толькі зайшлі ўсе, кот — бразь! — і зачыніў іх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкі плешчучы. Узыходзіць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчыніў яму. Кот проста да царскіх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў. — Што скажаш, каток? — пытаецца цар. — Так і так, — кажа кот Максім, — прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі новы гасьцінчык. — Добра, — кажа цар. Прыйшоў у хлеў, глядзіць, а там ваўкоў лікам-нялічана: і ў загарадках поўна набіта і яшчэ пад страхою, на вышках, процьма. Загадаў цар ваўкоў пабіць, усім слугам футры пашыць, а кату кажа: — Перадай пану Глінскаму-Папялінскаму: няхай сам да мяне ў госьці прыедзе. Прыбег кот дахаты ўночы, задыхаўшыся. Пачаў тармасіць гаспадара. Ледзьве дабудзіўся. — Уставай, — кажа, — я ад цара прыйшоў. Раскатурхаўся сяк-так Глінскі-Папялінскі, пытаецца: — Што цар сказаў? — Сказаў, каб ты сам да яго ў госьці ехаў. Пачухаў Глінскі-Папялінскі патыліцу: — У чым-жа я паеду? Я-ж голы, як бізун. — Нічога, — кажа кот, — што-небудзь прыдумаем. Сабраліся яны і бягом пабеглі да цара. Бягуць, бачаць — недалёка ля гасьцінца цэлае войска салдат сьпіць. Кот спыніў гаспадара. — Пачакай, — кажа, — тут. А сам крадкам пайшоў да войска. Назьнімаў у сонных салдат шапак і напакаваў імі два мяхі. Адзін мех на плечы ўськінуў, другі гаспадару даў. І пайшлі сабе далей. Падыходзяць да рэчкі. Кату піць захацелася. Паставіў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакінуў, а сам палез у рэчку ваду піць. Напіўся вады, бачыць — паўзе рак у нару. Кот схапіў яго за вус і выкінуў на бераг. Рак пачаў прасіцца: — Пусьці мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу. Кот падумаў і кажа: — Якую-ж ты мне можаш саслужыць службу? — У вадзе, — кажа рак, — любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю. — Падкапай да раніцы маставыя слупы, — загадаў кот. — Добра, — кажа рак. — Гэта я магу. Пусьціў кот рака, і той адразу-ж ухапіўся за работу. — А ты, — кажа кот Марціну, — як толькі абваліцца мост, раськідай шапкі па вадзе і чакай мяне тут. Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы. Прыбягае, дакладвае цару: — Так і так, ваша вялічаства-вымператарства... Ехаў да цябе ў госьці мой гаспадар, пан Глінскі-Папялінскі, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота і коньніца патапілася, адзін ён застаўся голы, бо абмундзіраваньне з вадою сплыло... Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзіў, прыехаў да маста. Глядзіць, і праўда: толькі шапкі ад войска па вадзе плаваюць. Паспачуваў цар пану Глінскаму-Папялінскаму ды загадаў лепшым сваім краўцом і шаўцом пашыць яму новае абмундзіраваньне. Як бачыш пашылі краўцы і шаўцы новае абмундзіраваньне. Адзеўся Глінскі-Папялінскі, прыхарашыўся і паехаў з царом у палацы. Пагаманіў зь ім цар, пачаставаў, а потым і кажа: — А цяпер хацеў-бы я паглядзець твой маёнтак: калі ты і праўда такі багаты, дык аддам за цябе дачку. Спужаўся Глінскі-Папялінскі: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак — адна гліняная печ, ды і тая развалілася. Пачуў пра гэта кот Максім. Паклікаў ён свайго гаспадара ўбок і шэпча яму: — Ня бойся! Усё добра будзе. Запраглі царскія канюхі самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту і паехаў. А кот наперадзе пабег — дарогу паказваць. Едзе цар, едзе, пад'яжджае да маёнтку Зьмея Гарынавіча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухі вялікую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў. — Чые вы? — пытаецца. — Зьмея Гарынавіча. Кот натапырыў вусы, грозны стаў: — Не кажыце нікому, што вы пастухі Зьмея Гарынавіча, а кажыце — Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас. Сказаў так кот Максім і пабег далей. Сустракае вялікую чараду коней. Падбег да канюхоў і пытаецца: — Чые вы, канюхі? — Зьмея Гарынавіча. — Не кажыце, што вы Зьмея Гарынавіча, а кажыце — пана Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас. Тым часам царская карэта з громам пад'ехала да пастухоў. — Чые вы? — пытаецца ў іх цар. — Пана Марціна Глінскага-Папялінскага, — адказваюць пастухі. — О, — дзівіцца цар, багаты пан Глінскі-Папялінскі! Гэтак-жа адказалі і канюхі. Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Зьмея Гарынавіча. Убачыў самога Зьмея і крычыць. — Хавайся, Зьмей Гарынавіч! Едзе Гром зь Пяруном — ён цябе заб'е і на муку сатрэ. Спужаўся Зьмей Гарынавіч: — Куды-ж мне схавацца? Кот паглядзеў і ўбачыў вялікае дуплё ў старой ліпе. — Лезь хутчэй сюды! — кажа Зьмею. Залез Зьмей у дуплё, а кот забіў дуплё паленам ды яшчэ і глінаю замазаў. Потым пабег да Зьмеевых слуг. — Чые вы? — пытаецца. — Зьмея Гарынавіча. — Не кажыце нікому, што Зьмея Гарынавіча, а кажыце, што пана Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас. — Добра, — кажуць напалоханыя слугі. Прыехаў цар у маёнтак Зьмея Гарынавіча. Слугі кінуліся сустракаць яго. — Чый гэта маёнтак? — пытаецца цар. — Пана Марціна Глінскага-Папялінскага! — у вадзін голас адказалі слугі. — Ну, што-ж, — кажа цар, — сапраўды багаты пан Глінскі-Папялінскі. Аддам за яго дачку. Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклікаў музыкаў і загадаў іграць вясельле. Усяго там было: хто хацеў, тое піў і еў. І я там быў, еў і піў, па барадзе цякло, а ў роце ня было.