Текст:Разумная дачка

Материал из свободной русской энциклопедии «Традиция»
Перейти к навигации Перейти к поиску

Разумная дачка



Автор:
Белорусская народная














Жыў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Прышлося спраўляць радзіны. А ў чалавека таго ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасьцей частаваць? Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустох цялушачка. Ды такая слабая, што сама і ня ўстане. Прынёс ён цялушачку дахаты і кажа жонцы: — Давай зарэжам яе: будзе чым гасьцей пачаставаць. Спадабалася жонцы цялушачка — такая рыжанькая ды лысенькая. — Не, — адказвае яна, — хай лепш гадуецца. — Дык яна-ж зусім кволенькая. Яе, відаць, нехта знарок выгнаў, каб у хляве ня здохла. — Нічога, можа як і выгадуем. Падрасьце дачка — будзе ёй малако. Паслухаў чалавек жонку, і пачалі яны гадаваць цялушачку. Падужэла тая, расьце, як на дражджах. І дачка таксама расьце, як на дражджах. Ды такая разумніца ўдалася, што і старыя ахвотна слухаюць яе. Выгадавалася з лысенькай цялушкі слаўная карова. Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасьвіць карову. Заглядзеўся аднойчы багаты сусед на карову бедняка. — Адкуль у цябе такая добрая карова? — пытаецца. Бядняк і разказаў яму ўсё, як было. — Эгэ, — кажа багацей, — дык гэта-ж мая цялушка! Гэта я выгнаў яе — ня думаў, што яна на ногі ўстане. Не, тады я забяру сваю карову назад... Зажурыўся бедны чалавек. — Я-ж яе гадаваў, — кажа. — І яна цяпер мая. Не згаджаецца багаты: — Не аддасі дабром — пойдзем да пана на суд. Што рабіць? Пайшлі да пана на суд. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: вядома, багаты з багатым свае людзі. Пан кажа яму: — Садзіся ў мяне. Багаты сеў у крэсла, а бедны стаіць у парозе, шапку зьняўшы. Пан на яго і не глядзіць. — Ну, што добрага скажаш? — пытаецца пан у багатага. — Ды вось, пане, якая справа, — пачаў скардзіцца багаты. — Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушачку і цяпер не аддае... Выслухаў пан і бедняка. А потым кажа ім: — Добра. Суд мой будзе такі. Я загадаю вам тры загадкі: што на сьвеце сыцей за ўсё, што на сьвеце саладзей за ўсё, што на сьвеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і застанецца карова. А цяпер ідзіце дахаты, падумаўце. Заўтра прыдзеце з адгадкамі. Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і плача. — Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка. — Ды так і так, — адказвае бацька. — Хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлі мы зь ім да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкі. Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. Дзе-ж мне адгадаць тыя загадкі! — А якія, тата, загадкі? — пытаецца дачка. Бацька сказаў. — Нічога, тата, ня турбуйся, — кажа дачка. — Кладзіся спаць. Раніца за вечар мудрэйшая, заўтра што-небудзь прыдумаем. А багаты прыйшоў дадому і радуецца. — Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькі адгадаць тры загадкі: што на сьвеце сыцей, што саладзей, і што шпарчэй? — Вось, дзіва! — усьміхнулася жонка. — Тут і адгадваць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на сьвеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нічога. А шпарчэй за нашага гнядога жарабца ніхто ня зможа бегчы: ён-жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць! — Праўда, — згадзіўся мужык, — так я і скажу пану. Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана. — Ну, што, адгадалі мае загадкі? — пытаецца пан. Багаты выйшаў наперад: — Ды тут і адгадваць няма чаго: няма нікога і нічога на сьвеце сыцей за майго рабога парсюка, саладзей — за ліпавы мёд ад маіх пчол і шпарчэй — за майго гнядога жарабца. — А ты, — пытаецца пан бедняка, — адгадаў? — Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а засьнеш дык і забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людзкія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка... Правільна адгадаў бядняк! Прышлося пану прысудзіць яму карову. — Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкі? — пытаецца пан у бедняка. — Мая дачка-сямігодка. Зьдзівіўся пан: ня можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкі! І захацелася яму паглядзець на разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямігодка. — Дзяўчына, — пытаецца пан, — да чаго мне коней прывязаць? Паглядзела дзяўчынка на сані і калёсы, што стаялі на дварэ, і кажа: — Можаш да зімы прывязаць, а можаш і да лета. Пан і вочы вылупіў: як гэта можна коней прывязаць да зімы або да лета? Сьмяеццца, відаць, зь яго гэтае дзяўчо? — Ну, хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс, — растлумачыла дзяўчынка. Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. Ня гонар гэта пану. Дачуюцца людзі, што яна разумнейшая за пана, тады хоць з маёнтку ўцякай. Пагаварыў пан зь дзяўчынкай і паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго прыйшоў. Прыйшоў увечары бядняк да пана. — Нічога, — кажа пан, — разумная твая дачка. Але я ўсё-ж разумнейшы. Даў пан бедняку рэшата яек. — На, — кажа, — занясі дачцы і скажы, каб яна пасадзіла на іх квактуху і вывела мне да заўтра куранят на сьнеданьне. А ня зробіць гэтага — загадаю бізуноў даць. Прыйшоў бацька дахаты засмучаны. Сеў на лаве і плача. — Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка. — Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку. — Якую? Бацька паказаў дачцы рэшата зь яйкамі. — Сказаў, каб ты на гэтыя яйкі квактуху пасадзіла і вывела куранят да заўтра яму на сьнеданьне. Хіба-ж гэта можна зрабіць? Дачка падумала і кажа: — Нічога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкі, пячы яечню на вячэру. Раніцай дачка кажа бацьку: — На табе, тата, гаршчок, ідзі да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў і ўзараў, проса пасеяў, зжаў і змалаціў ды ў гэты гаршчок насыпаў куранят карміць. Пайшоў бацька да пана, падаў яму гаршчок і сказаў усё, як дачка загадала. Пан паскуб вусы, паморшчыўся і кажа: — Разумная твая дачка, ды я ўсё-ж разумнейшы! Узяў ён тры сьцяблінкі лёну, падаў бедняку: — Скажы дачцы, каб яна да заўтра гэты лён сьцерла, спрала і выткала і пашыла мне зь яго кашулю. Вярнуўся бацька дахаты засмучаны. Дачка пытаецца: — Што сказаў табе пан? Падаў бацька ёй тры сьцяблінкі лёну і разказаў, што пан загадаў. — Нічога, — адказвае дачка, — кладзіся, тата, спаць, заўтра што-небудзь прыдумаем. Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкі і кажа: — Занясі пану і папрасі — няхай ён іх пасадзіць, за адну ноч вырасьціць і зробіць снасьць для кроснаў, каб было на чым палатно яму для кашулі выткаць. Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкі і сказаў, як дачка навучыла. Пачырванеў пан і кажа: — Разумная твая дачка — нічога ня скажаш. Ды я ўсё-ж разумнейшы! Перадай-жа ты ёй, каб яна да мяне ні пехатою прыйшла, ні на кані прыехала, ня голая і не адзетая і каб падарунак мне прынесла, а я каб ня мог яго прыняць. Калі зробіць усё гэта, то вазьму яе за дачку — вырасьце, пані будзе! А ня зробіць — дрэнна ёй будзе... Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучаны. — Ну, што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка. — Ды вось, дачушка, нарабіла ты сваімі адгадкамі бяды і нам і сабе... Расказаў ёй бацька, што пан загадаў. — Нічога, тата. Як-небудзь абдурыш пана і на гэты раз. Злаві ты мне толькі жывога зайца. Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца. Дачка закруцілася ў рыбацкую сетку замест сукенкі, села на кіёк і паехала з зайцам да пана. Пан стаіць на ганку і дзівіцца: зноў перахітрыла яго беднякова дачка! Узлаваўся ён і нацкаваў на яе сабак — думаў, тыя разарвуць разумніцу. Дзяўчынка выпусьціла з рук зайца — сабакі і памчаліся за ім. Падышла яна да пана. — Лаві, — кажа, — свой падарунак: вунь ён у лес пабег. Прышлося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку. Паехаў неўзабаве пан за мяжу, а дзяўчынцы сказаў: — Глядзі-ж, каб ты тут безь мяне ня судзіла маіх людзей, бо дрэнна табе будзе. Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку. Здарылася ў гэты час такая справа. Пайшлі два дзядзькі на кірмаш. Адзін купіў калёсы, другі — кабылу. Запрэглі кабылу ў калёсы і паехалі дамоў. Па дарозе спыніліся адпачыць. Ляглі і паснулі. А як прачнуліся, бачаць: бегае ля калёс малое жарабятка. Дзядзькі заспрачаліся. Той, чые калёсы былі, кажа: «Жарабя маё, гэта мае калёсы ажарабіліся!» А той, чыя кабыла, сваё даводзіць: «Не, жарабя маё, гэта мая кабыла ажарабілася!» Спрачаліся, спрачаліся ды вырашылі ехаць да пана на суд. Прыехалі, а пана няма дома. — Рассудзі хоць ты нас, — просяць дзядзькі прыёмную дачку. Даведалася дзяўчынка, што ў іх за справа, і кажа: — Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс, ды вядзе ў руках, а той чые калёсы, кяхай цягне іх на сабе ў другі бок. За кім жарабя пабяжыць, той яго і гаспадар. Дзядзькі так і зрабілі. Жарабя пабегла за кабылаю, на гэтым і спрэчка ў іх скончылася. Вярнуўся пан з-за мяжы і дачуўся, што разумная дзяўчынка безь яго суды судзіла. Узлаваўся ён, нарабіў крыку: — Што-ж ты не паслухала мяне? Цяпер ты не мая дачка. Бяры сабе з маёнтку, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш ня бачыў! — Добра, — кажа дзяўчынка, — але мне хочацца на адход цябе віном пачаставаць. — Частуй, — буркнў пан. — толькі хутчэй. Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў бяз памяці. Загадала яна тады слугам запрэгчы каня, палажыла пана ў карэту і павезла дахаты. Дома з бацькам зьняла яго з карэты ды перанесла ў сенцы на салому. — Вось табе, — кажа, — пасьцель замест пярын. Ачухвайся тут. Прачнуўся назаўтра пан, аглядаецца — дзе-ж гэта ён? Убачыў сваю прыёмную дачку, якую прагнаў, і пытаецца: — Чаму я тут, у бруднай мужыцкай хаце, ляжу? — Ты сам так захацеў, — сьмяецца дзяўчынка. — Ты сказаў мне: «Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты». Я і ўзяла цябе. Уставай ды ідзі замест бацькі паншчыну адбываць. Ты мужык дужы, роботнік зь цябе будзе нядрэнны. Пачуўшы гэта, пан усхапіўся на ногі і так драпануў назад у свой маёнтак, што толькі яго і бачылі. Навет ад коней з карэтаю адрокся.