Текст:Сабака і воўк

Материал из свободной русской энциклопедии «Традиция»
Перейти к навигации Перейти к поиску

Сабака і воўк



Автор:
Белорусская народная














Быў у ваднаго гаспадара сабака. Шчыра служыў ён гаспадару, ды не агледзеўся, як пастарэў. Горш сталі бачыць яго вочы, і цяжэй яму стала вартаваць гаспадарава дабро. Тады скупая гаспадыня перастала карміць яго, а потым і зусім пачала з двара праганяць. «Чым так жыць, — думае сабака, — лепш няхай мяне воўк зьесьць». Надумаўся ён і пайшоў у лес шукаць ваўка. Ідзе ён лесам, а тут насустрач і воўк бяжыць. — Куды, сабака, ідзеш? — пытаецца воўк. — Да цябе. — Чаго? — Зьеш ты мяне, воўча... І расказаў ён ваўку пра сваю бяду. Бачыць воўк, што сабака надта худы — яшчэ зубы паломіць, і кажа: — Не, цяпер я цябе есьці ня буду. Трэба, каб ты трохі патлусьцеў. — Як-жа я патлусьцею, — кажа сабака, — калі мяне гаспадыня зусім ня корміць? — Нічога. Мы зробім так, што яна цябе з ахвотаю будзе карміць. — Дзе там! — пакруціў хвастом сабака. — Гаспадыня мая вельмі скупая. — Слухай ты мяне, — кажа воўк. — Ідзі дадому і сядзі там на агародзе. Адвячоркам, як пачне цямнець, я прыбягу і ўхаплю лепшага гаспадаровага падсьвінака. Ты наробіш брэху, пабяжыш за мною, і я табе аддам падсьвінака. Гаспадар убачыць гэта і загадае гаспадыні добра карміць цябе. А празь месяц, як патлусьцееш, — прыходзь да мяне, тады я цябе зьем. Сабака падумаў і згадзіўся. Адвячоркам прыбег воўк, ухапіў падсьвінака і павалок цераз агароды. Тут сабака як наробіць ляманту, як кінецца за ваўком... Пачуў гэта гаспадар, выскачыў з хаты, бачыць: воўк падсьвінака валачэ цераз агароды, а сабака яго даганяе, адбірае. — Туйга! Туйга! — закрычаў гаспадар на ўсю сілу. — Кусі яго, Лыска! Воўк тым часам кінуў падсьвінака, а сам ходу ў лес. — Малайчына, Лыска! — пахваліў гаспадар сабаку, прывёў на кухню і загадаў жонцы карміць яго. Жыве Лыска прыпяваючы. А празь месяц зрабіўся такі тлусты, аж шэрсьць блішчыць. І пра дагавор з ваўком забыўся. Вось аднойчы сабраліся ў гаспадара госьці. П'юць, гуляюць, песьні сьпяваюць. Нямала тут і Лыску перапала — цэлую кучу касьцей пад стол яму накідалі. Наеўся Лыска ды выйшаў на двор — у сваю будку. Глядзіць — аж у будцы воўк чакае яго. — Чаго ты тут? — зьдзівіўся сабака. — Па цябе прыйшоў, — адказвае воўк. — Памятаеш наш дагавор з табою? Спалохаўся сабака — ня хочацца яму на воўчыя зубы трапляць. Вось ён і кажа: — Ня еш ты мяне, воўк. Я цябе за гэта добра пачастую самаю смачнаю ядою. — Адкуль-жа ты возьмеш? — У майго гаспадара госьці. Там пад сталом поўна касьцей — навет зь мясам. Хадзем! — Баюся. Яшчэ заб'юць мяне там. — Ня бойся, не заб'юць, — угаворвае сабака. — Я цябе правяду так, што ніхто і ня ўбачыць. Згадзіўся воўк і пайшоў за сабакам. Лыска пакінуў яго ў сенцах, сам убег у хату, махнуў хвастом і патушыў лучыну. — Цяпер бяжы пад стол, — паклікаў ён ваўка. Воўк так і зрабіў. Сабака накарміў ваўка, навет віном напаіў. Сядзяць яны сабе пад сталом ды зюкаюць паціху. А тым часам госьці засьпявалі вясёлыя песьні. Воўк слухаў, слухаў, ды кажа сабаку: — Мне таксама сьпяваць хочацца. — Маўчы лепш, — адказвае сабака. Воўк памаўчаў крыху ды зноў за сваё: — Ня вытрымаю, — кажа, — аж язык сьвярбіць, гэтак сьпяваць захацелася. І зацягнуў на ўсю хату басам: — Ау—ау! А сабака таксама ня вытрымаў ды давай падпяваць яму: — Гаў, гаў! Цяў, цяў!.. Пачулі гэта госьці, ухапілі хто качаргу, хто чапялу, набілі ваўка і выкінулі яго з хаты разам з сабакам. Ачухаўся воўк і кажа сабаку: — Ну і накарміў-жа ты мяне! Я табе не дарую гэтага. — Сам вінаваты, — кажа сабака. — Трэба было маўчаць. — Не, — не згаджаецца воўк, — гэта ты вінаваты. Навошта ты завёў мяне ў хату? Спрачаліся яны, спрачаліся, нарэшце воўк кажа: — Калі так, давай будзем ваяваць: хто каго зваюе, той таго і зьесьць. Зьбірай сваё войска і прыходзь да мяне ў лес. — Што-ж, — кажа сабака, — няхай будзе так. Назаўтра ўзяў ён барана, ката і пеўня сабе ў памочнікі ды пайшоў на вайну з ваўком. А воўк запрасіў да сябе ў ваякі мядзьведзя, дзіка і зайца. Сабраў ён сваё войска, выйшаў на ўскраек лесу і чакае. — Палезь ты, Міхайла, — кажа ён да мядзьведзя, — на елку ды паглядзі, ці ня ідзе сабака із сваім войскам. Мядзьведзь узьлез на елку, прыгледзеўся і кажа: — Ідзе! — Ну, дык злазь! — кліча воўк. — Будзем ваяваць. — Не, ня зьлезу, — адказвае мядзьведзь. — Чаму? — Страшна. — Што-ж там за войска такое, што ты гэтак спужаўся? — пытаецца воўк. — Такое войска, што я ніколі і ня бачыў, — адказвае мядзьведзь калоцячыся. — Адзін ваяка тоўсты і калматы, зь віламі ідзе; другі — грозны, вусаты, ззаду піку нясе; трэйці — у шапачцы чырвонай, із шпорамі на нагах, шабляю махае... Першы ідзе, галавою трасе ды ўсё крычыць: «Бэ! Я ўсіх пакалю, на вілы пасаджу!» Другі сярдзіта чмыша, па бакох азіраецца і ўсё мармыча: «Мне, мне іх давай!» А трэйці, ганарысты такі, крычыць: «Куды, куды ісьці! Я адзін усіх паб'ю!». Дзік пачуў гэта ды хутчэй у мох па самыя вушы зашыўся. А воўк бачыць, што не пасьпее схавацца, — стаў на заднія лапы і стаіць. «Хавайся за мяне, — кажа ён пералалоханаму зайцу. — Яны падумаюць, што я — пень, і абмінуць нас». Прыходзіць сабака із сваім войскам, бачыць — нідзе нікога няма. Тут якраз барану рогі засьвярбелі. Глядзіць ён — побач нейкі пень стаіць. Разагнаўся баран ды — трах! — рагамі ў пень. У ваўка ад гэтага і галава раскалолася. Паваліўся ён дагары ды ногі выцягнуў. Заяц выскачыў з-пад ваўка, але сабака згледзеў яго і адразу злавіў. Дзіку ў гэты час, як на бяду, села муха на вуха. Паварушыў ён вухам, каб сагнаць яе, а кот падумаў, што там мыш. Кінуўся туды ды давай мох разграбаць. Так і дзярэ дзіка вострымі кіпцюрамі! Цярпеў, цярпеў, дзік, а потым усхапіўся ды наўцёкі... Певень напужаўся дзіка, залопаў крыльлямі, узьляцеў на елку і нарабіў крыку: — Куды, куды? Мядзьведзь падумаў, што гэты самы грозны ваяка да яго дабіраецца, і залез із страху аж на верхні сук. Сук ня вытрымаў, зламаўся, мядзьведзь грукнуўся вобземлю і забіўся. З таго часу больш і не сябруюць сабака з ваўком.